На­чы­та­насць — рэч ста­тус­ная

Апублiкавана: 04 красавiка 2023 Стужка не указан Мінск Пазіцыя

Аўтар: РАГІН Яўген

Шаноўнае спадарства,вы чулі, як размаўляюць на вуліцах нашы школьнікі,ад самых малых да выпускнікоў? Так, словы гэтыя далёка не высокага стылю. Больш за тое,ненарматыўную лексіку я пачынаю чуць у вышэйшых навучальных установах. І не сумняваюся,што ўсё — ад непісьменнасці.Яна пануе сёння не толькі ў інтэрнэце, але нават на афіцыйных шыльдах. Прапаведнікамі моўнага густу перасталі быць кіно, тэлебачанне... Шэры колер непазбежна нараджае колер чорны.

Вельмі трывожны сімптом! Мы перасталі чытаць. Непісьменнасць узведзеная ці не ў ранг дабрадзейнасці. Не хачу выкарыстоўваць аргумент пад рубрыкай “А вось у наш час…”. Не хачу, але прыйдзецца. А вось у наш час нават старшакласнікі спрабавалі цытаваць “12 крэслаў” услед за бацькамі, следам за бібліятэкарамі ды настаўнікамі чыталі на памяць кавалкі “Новай зямлі”. Штосьці зламалася ў некалі стройнай сістэме выхавання. Мы развучыліся чытаць. 

Я пазнаёміўся днямі з маладым чалавекам, які ўвогуле не чуў пра Ільфа і Пятрова. Хвароба разумовай коснаязыкасці лечыцца цяжка. Калі не здолела сям’я і школа, надзея толькі на бібліятэкара. Рэцэптура тут адзіная: “Кніга да ежы і пасля яе (можна і падчас яе!)” — пад абавязковым наглядам бібліятэчнага “тэрапеўта”. Але паспрабуем разабрацца: ці ўсё так з гэтым спосабам лячэння? 

ПЫТАННЕ, ПЫТАННІ… 

Руплівых бібліятэкараў у нас шмат. І многія хоць і на пенсіі, але працуюць. А вось паўнацэннай замены пакуль няма. І кадравая перспектыва — неакрэсленая. Маладыя спецыялісты застаюцца ў вялікіх гарадах, спрабуюць недзе ўладкавацца. Дарэчы, навыкі маркетолага, атрыманыя ў “культур¬ най” ВНУ, пры гэтым вельмі дарэчныя. 

Дык хто навучыць нас чытаць — удумліва, вынікова, з вялікай карысцю для розуму і роднай мовы? 

САМАЯ ЛЁГКАЯ ПРАФЕСІЯ 

Хтосьці з вялікіх бібліятэчных начальнікаў калісьці назваў мяне шкоднікам. Маўляў, крытыкую спецыялістаў за тое, што няма іх на працы ў рабочы час. Нібыта якая дробязь. Дык вось, з такога “шкодніцкага” боку і паспрабую падысці да праблемы з саркастычным ухілам. 

Так, заробкі бібліятэкарскія, прама скажам, не надта вялікія. “Але пры мінімуме чытачоў установу можна адчыняць праз раз, — вырашаюць не¬ каторыя “адмыслоўцы”. — Урэшце, праполка бульбы на ўласным гародчыку — таксама задача першаснай важнасці”. І з колькасцю чытацкіх наведванняў у такіх гора-бібліятэкараў асаблівых пытанняў не ўзнікне. Знаёмы сельскі аматар чытання распавядаў, што затрымаўся з вяртаннем кніг, патэлефанаваў у бібліятэку папярэдзіць. А яго там супакоілі: “Не хвалюйцеся, вашы кніжкі ў фармуляры мы нанава перапісалі”. Так, на жаль, бывае: фіксуецца наведванне без наведвання. 

Доўга спрачаўся са знаўцамі, ці павінен кіраўнік раённай бібліятэкі чытаць. Маўляў, яго асноўная задача гаспадарчая — мэблю замяніць, фарбу прыдбаць, рамонт правесці. Прычым тут тонкасці літаратурнага стылю Купалы і Коласа?! Словам, пераконвалі мяне, аднак не пераканалі. У кепскага кіраўніка, які не ведае, чым і для чаго кіруе, і падначаленыя кепскія. Як думаеце, ці шмат такіх? 

Сам бачыў калісьці абвестку на дзвярах сельскай бібліятэкі: “Паехала ў райцэнтр на нараду”. Калі і наколькі — невядома. Вяскоўцы казалі, што не бачылі “кніжнай” кабеты амаль тыдзень. Для падобных бібліятэкараў цяперашні заробак занадта вялікі. 

Калі не пагаджаецеся, не маўчыце. Спрачайцеся! 

САМАЯ СКЛАДАНАЯ ПРАФЕСІЯ 

З падслуханага. “Мама, Аркадзь Гайдар у шаснаццаць гадоў камандаваў палком і заваёўваў гарады. А ты як была сельскім бібліятэкарам, так ім і засталася!” — “Лепей, сынок, заваёўваць розумы, чым гарады!” 

Заваёўваць розумы вельмі складана. Удакладню: розумы чытацкія. Натуральна, для гэтага трэба мець свой. Інакш кажучы, трэба стаць калі не часткай літаратурнага працэсу, дык непасрэдным сведкам яго развіцця — дакладна. Нормай жыцця пры гэтым становіцца пастаяннае чытанне літаратуры. Будзе рада не толькі бульба, але і чытач, які пераканаецца, што ваш кніжны аўтарытэт — недасяжны. У адваротным выпадку адзінай праявай бібліятэчнага прафесіяналізму застанецца банальная абыякавая кнігавыдача: “Бяры што ёсць!” 

Але гэта далёка не ўсё. Аўтарытэт павінен збіраць вакол сябе грамаду для мэтанакіраванага чытання: сямейнага, карпаратыўнага, школьнага і дзіцячага. Чытацкія дыспуты, семінары, літпасядзелкі — абавязковыя. Удзел прафесійных пісьменнікаў у жыцці бібліятэк раёна — вельмі пажаданы. 

А зараз я буду казаць пра дзіўныя рэчы. Паўнавартасным вынікам бібліятэчных захадаў павінна стаць узнікненне высокадасведчанага чытача. Ён па знешнім выглядзе вокладкі зможа вызначыць, добрая перад ім кніжка ці кепская. Ніякай метафізікі тут няма, навык шматкроць правераны на практыцы. Такі чалавек ніколі не зблытае “дасягненні” графамана з літаратурнымі перамогамі сапраўдных пісьменнікаў. Мова такога чытача пазбаўленая коснаязыкасці, яна лагічная і прыгожая… Гаворка, натуральна, пра ідэальнага чытача. Але толькі такі абароніць грамадства ад маральнай катастрофы. 

“КАЧАЛКА” ДЛЯ РОЗУМУ 

Чытанне мы развіваем дзеля развіцця начытанасці. Начытанасць, па маім меркаванні, — паказчык статусны. Гэта комплекс ведаў, на якіх грунтуецца светапогляд асобы: уменне думаць, сумнявацца і супастаўляць. Так што бібліятэка — гэта “качалка” для розуму, а бібліятэкар — уладар розумаў. 

Незагойная рана з дзяцінства. Гадоў у шэсць я хацеў набыць кніжку, а грошай не было: бацькі будаваліся. Маці прапанавала самому зарабіць. Не змог і кніжку не купіў! І па сёння ўражанне такое, што сярод іншых тысяч прачытаных кніг не стае для лагічнай завершанасці той адной, з дзяцінства. Думаю, што жыццё маё было б іншым. 

Навучыце мяне, калі ласка, чытаць! 

Яўген РАГІН 

Фота Мікалая КАСЦЮКОВА