Герой для партрэта

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра днямі рэалізоўваўся арт-праект “Партрэт майстра”. На вернісажы ішла гаворка і пра тое, у чым вытокі рамесніцкай актыўнасці на беларускай зямлі. У іншых краінах нават пры вялікім старанні аналагаў не адшукаць. Віцебскі праект і падштурхнуў да стварэння гэтага артыкула. 

Беларусь спрадвеку была краем аратых і ваяроў. Уменне накарміць да абараніць сваю сям’ю заўжды лічылася ці не будзённым. Але час ад часу будзень пераўтвараецца ў свята, проза — у паэзію, а ў да мяжы прыземленага чалавека раптам вырастаюць крылы рамесніка-творцы. Ваяр становіцца знаўцам кавальскай справы, а хлебароб пачынае вырабляць чыстага гучання дудкі ды жалейкі. Беларусь — краіна крылатых. Ці — рукастых. 

РУКАСТЫЯ 

Да месца згадаць показку, дзе праўды больш, чым фантазіі… У чыстым полі трэба было казарму ўзвесці. Генерал пашыхтаваў салдат: “Муляры ёсць? Крок наперад!” Ніякага руху. “Цесляры ёсць?” Рэакцыя — тая ж. “А тынкоўшчыкі?” Усе на месцы стаяць. І тады камандзір выкарыстоўвае апошні шанц: “Беларусы, крок наперад!” Казарму пабудавалі з апярэджаннем усіх графікаў. Рукастыя! 

Уменне рабіць штосьці рукамі для жыцця і прыгажосці выпрацоўвалася вякамі. Выхоўвалі не толькі бацькі-ўмельцы. Выхоўвалі пушча, рака, палетак, спеў птушак, водар і агонь красак на паляне. Усё гэта са стараннем пераносілася ў спеў, танец, на ручнік са збанком. Усё гэта было жаданнем любіць і родны край, і аднавяскоўца. Мы, бадай, сталі часткай прыроды. Ці варта яшчэ тлумачыць, адкуль узяліся ў нас ткачыхі, разьбяры, ганчары… 

ЯК АБЛОКАЎ У НЕБЕ 

Па словах старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуты, рукастых па Беларусі падлічыць немагчыма, адным словам — як аблокаў у небе. Амаль усе яны канцэнтруюцца вакол 105-і дамоў рамёстваў. У Саюзе майстроў народнай творчасці — 620 чалавек. Народных — 200. 

Я зазначыў бы, што адна з выніковых у гэтым плане Віцебшчына. Абласным упраўленнем культуры з 1990-га і цягам 20 гадоў кіраваў тут Мікалай Пашынскі. Глыбока паважаю Мікалая Пятровіча за важкі ўнёсак у развіццё канкрэтных і адмысловых праектаў. Гэта пры ім набыў яскравае аблічча “Славянскі базар…”, былі створаны найстарэйшыя ў рэспубліцы брэндавыя фестывалі. Гэтаксама інтэнсіўна сталі развівацца дамы і цэнтры рамёстваў. (Цяпер іх, па словах начальніка аддзела традыцыйнай культуры абласнога метадцэнтра Ліліі Рэзкінай, — 24. Кожны імкнецца адрадзіць менавіта мясцовыя рамесніцкія традыцыі.) Першы ў Беларусі на пачатку 1990-х быў створаны РДР у Глыбокім. Пісаў пра яго шмат разоў. Яшчэ столькі ж напішу. 

ПАСЛУХАЦЬ ЦВЫРКУНА 

Сёння ж хачу згадаць Шумілінскі раённы Дом рамёстваў. І нагода для гэтага больш чым цудоўная: персанальная выстава саломапляцелшчыцы з гэтай установы Наталлі Сцержанковай. Перад тым як патлумачыць сутнасць арт-праекта “Партрэт мастака” і распавесці пра гераіню гэтага партрэта, хачу згадаць вось пра што… 

Упершыню пабываў у раёне гадоў дзесяць таму. Уразіла ашчаднае стаўленне да мясцовых традыцый. Дзякаваць Богу, такі, я б сказаў, навуковы падыход да справы ўласцівы сёння ўсім нашым дамам рамёстваў. У нас казалі: у кожнага за печкай свой цвыркун. Вось і стараюцца нашы майстры, каб спяваў ён гэтак жа прыгожа ды суладна, як і вякі таму. Атрымліваецца! 

Што ўразіла на Шуміліншчыне канкрэтна? Адмысловая тэхналогія вырабу саламяных павукоў, чорна-задымленая пявучая кераміка, хлеб на аеры (пры РДР у Віцебскай вобласці спрэс дзейнічаюць клубы аматараў нацыянальнай кухні) і крупнік з медавухі… 

23 ВЫСТАВЫ 

Арт-праект “Партрэт майстра” стартаваў у 2020 годзе. Сутнасць яго ў тым, што кожны майстар вобласці павінен паказаць свае здабыткі ў фармаце персанальнай выставы. Адмысловыя творчыя работы і мусяць скласці агульны ды максімальна выразны партрэт носьбіта традыцыйнага мастацтва (усяго на Віцебшчыне налічваецца іх больш за тысячу, народных майстроў — 21). У выставачнай зале абласнога метадычнага цэнтра прайшлі ўжо 23 такія выставы. 

Гераіняй нядаўняй стала метадыст Шумілінскага РДР Наталля Сцержанкова. Маладая ды смелая. Менавіта яна галоўная па павуках. І не толькі ў роднай вобласці. 

НЕ ПЯЦЬ ВУГЛОЎ, А ЧАТЫРЫ 

Наталля Аляксандраўна — з самога Шуміліна. Рамяство ёй далі не бацькі. Тут, можна сказаць, асабістая ініцыятыва (ці амбіцыя?) спрацавала. Вучылася дзяўчына ў адным з каледжаў Полацка. А пры ўстанове дзейнічаў гурток па саломапляценні. Сцержанкова наведвала яго рэгулярна, два гады запар. Зачапіла тое, што салома цёплая ды залатая. Рэчы з яе атрымліваюцца прыемныя: для добрага шчаслівага жыцця прыдатныя. 

Але ўсё гэта лірыка. А пачала Наталля Аляксандраўна з экспедыцый. Дзясяткі бабуль наведала. Высветліла, да прыкладу, што ў суседнім Гарадку саламяны павук традыцыйна меў пяць вуглоў, а на Шуміліншчыне — толькі чатыры. Пачала пытацца ў бабуль: “Чаму?” А тыя ў адказ: “Так мама ды бабуля вучылі!” Раз вучылі, значыць, так трэба. 

Арт-праект “Партрэт майстра” – шэраг персанальных выстаў майстроў вобласці, на якіх яны паказваюць свае здабыткі.

У чым яшчэ адметнасць шумілінскага павука? У тым, што рабіўся ён часам на бульбе. Уражанне ад гатовай рэчы было такое, нібыта складзена яна з маленькіх сонцаў. А яшчэ, як паказалі выезды да вясковых носьбітаў мясцовых традыцый, упрыгожваліся павукі фанцікамі ад цукерак. З бульбай Наталля Аляксандраўна паэксперыментавала, але ад фанцікаў адмовілася. 

Так пакрысе Наталля Сцержанкова стала народным майстрам. 

АЛІСА НЕ ПАДВЯДЗЕ 

Я пацікавіўся ў Наталлі Аляксандраўны, якую мэту сваёй творчай дзейнасці яна лічыць галоўнай. Адказ быў такі: “Пастаяннае развіццё рамяства. І без вучняў тут не абысціся”. 

Дачка майстрыхі — дзевяцікласніца Аліса — самая надзейная вучаніца. Яна не падвядзе, справу маміну не кіне. А яшчэ ў Наталлі Сцержанковай амаль дзясятак васьмігадовых пераемнікаў традыцыі. Займаецца з імі сур’ёзна і цярпліва. Саламяны павук, як вядома, захоўвае хату ад кепскай энергіі, аберагае і натхняе на яскравае жыццё-быццё. 

Што яшчэ можна было пабачыць на “саламянай” выставе? Кветкі, пано, вянкі, калядныя маскі са скуры, аздобленыя карункамі з саломы. Нават пры пахмурным надвор’і выставачная зала метадычнага цэнтра адлівала светлым золатам. 

ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ 

Вельмі шкадую, што не пераняў у свой час рамяство. Было ў каго. Дзядзька Піліп прайшоў праз дзве вайны, вярнуўся нават не параненым. І пачаў здзіўляць усіх сваёй адчайнай рукастасцю. Ён хапаўся за ўсё: рабіў нам зграбныя драўляныя флюгеры ў выглядзе прыгожых знішчальнікаў, ставіў лапікі на дзявочыя боцікі (ды так, што мы тыя лапікі знайсці не маглі!), плёў з лазы акуратныя кошыкі: вялікія — для працы, маленькія — для падарункаў-сувеніраў унукам. Дзе б прысесці побач і глядзець бясконца, як гэта робіцца. Дзе б высветліць, якім чынам дзядзька Піліп, не маючы настаўнікаў, самастойна асвоіў рамёствы цеслі, шаўца і пляцельшчыка. 

У мяне не атрымалася. Атрымаецца ў тых васьмі, што бегаюць на гурток да Наталлі Сцержанковай. 

Яўген РАГІН 

Фота з архіва гераіні