Пацэліць у яблычак. Брэнды вясковых свят

Апублiкавана: 13 чэрвеня 2023 Стужка Клубы не указан Праекты развіцця

Аўтар: РАГІН Яўген

Фішка, разынка, ягадка на торце, топчык… Гэтыя словы — вольныя сінонімы да тэрміна “брэнд”. Ён сёння — звышзапатрабаваны. Ведаю: ці не ва ўсіх кутках краіны райвыканкамаўскае кіраўніцтва загадала, каб кожная вёска займела свой культурны брэнд. Добра тое ці кепска? Добра ў плане адметнасці і непадабенства. Цяжка гэта зрабіць ці лёгка? А вось тут магчымыя варыянты. Паспрабую іх прааналізаваць. 

Спяшацца не буду. Тэма складаная, яна вымушае павольна і ўдумліва выкласці тыя пытанні, рашэнне якіх сёння турбуе нашых работнікаў культуры. 

А ШТО Ў ВАС ЗА ШКЕЛЬЦАМ? 

Павольна дык павольна. Таму дазволю сабе невялічкае адступленне. Калісьці, ва ўніверсітэцкую бытнасць, мы, студэнты, песціліся ў свабодны час — атаясамлівалі пісьменнікаў з блізкімі да іх, але далёкімі ад літаратуры прадметамі, звычкамі, з’явамі… Напрыклад: Якуб Колас — лекцыі па мовазнаўстве, Янка Купала — піжонскі гальштук са Славакіі, Янка Брыль — бушлат марпеха, Варлам Шаламаў — калымскі блатны жаргон. А зашмальцаваны партфель — Жванецкі, Булгакаў — дэкадэнцкі манокль, за шкельцам якога — хітрае вока, напоўненае творчым полымем… Карацей, мы прыгадвалі сімвалы славутасцей, якім не былі патрэбныя гэтыя брэнды. 

Вясковыя работнікі культуры занятыя адваротным. Яны прыдумваюць ці апрабоўваюць сельскія сімвалы, адмысловасць якіх і павінна скласці аснову турыстычнай прывабнасці і культурнай непаўторнасці. І тут неаспрэчна адно: без творчага полымя ў вачах не абысціся. Ідэя ёсць вынік менавіта творчага бяссоння. 

КОШТ ЗАМЫСЛУ 

“Вікіпедыя” сцвярджае, што брэнд— комплекс асацыяцый, уяўленняў, якія ўтвараюць ментальную абалонку прадукту, паслугі. Ад сябе дадам — і асобы. Свята вёскі — арт-прадукт. Яго вішанька на торце — любая выбітная цікавінка: легенда, абрад, традыцыя, людзі… Калі цікавінкі няма, яе трэба прыдумаць. Сказаць і напісаць пра гэта лёгка, зрабіць — амаль немагчыма. Таму ідэі — заўжды ў цане. Пры іх адсутнасці не вельмі апантаны работнік культуры змушаны займацца плагіятам. Дарэчы, гэта тычыцца канцэпцый не толькі вясковых свят, але і фэстаў розных статусаў. Вось вам прычына ўзнікнення клонаў і блізнятак. Мазгавыя штурмы, “праполка” інтэрнэту і асабістая ініцыятыва — гэта для амбіцыйных. У адваротным выпадку ніякія маноклі не дапамогуць. 

Хтосьці запытаецца: чаму святы вёсак павінны быць рознымі? Хаця б для таго, каб мы мелі нагоду з’ездзіць у госці з аднаго паселішча ў іншае. Каб турыст радаваўся стракатасці фестывальнай карты Беларусі. Урэшце, якасна розніцца і водар караваяў, выпечаных нават у суседніх вёсках. А па вялікім рахунку, у кожнага чалавека — таксама свае імя і прозвішча. 

СТРАЛА, РУЧНІК, ЯБЛЫК… 

Пойдзем далей. Пашанцавала тым мясцінам, якія даўно праславіліся культурнымі разынкамі. Свята ручніка — гэта, безумоўна, Неглюбка Веткаўскага раёна. Шмат дзе — годныя ткачыхі, якія паўтараюць і развіваюць прыёмы продкаў. Але такі неймаверны агонь фарбаў на белым снезе палатна — толькі ў неглюбскіх кабет. Калі будзе нагода, загляніце ў іх вочы. Не абпаліцеся! 

На абрад пахавання стралы ў Стаўбуне (тая ж Веткаўшчына) з’язджаюцца студэнты, прафесура і ахвотныя ці не з усяго свету. 

Брэнд не варта прыдумваць у Гарадной (Столінскі раён) — неаспрэчнай ганчарнай сталіцы краю. Нязменную цікаўнасць выклікаюць святы млынароў у Адэльску (Гродзенскі раён), бліноў — у Пераганцах Воранаўскага раёна, пісанкі (таксама Гродзенскі раён), сенакосу — у Ліпнішках Іўеўскага раёна… 

Якасныя вясковыя святы — элітнае насенне для буйных фестывальных усходаў.

У большасці выпадкаў, як падаецца, канцэпцыя свят не стваралася, а ўдасканальвалася (бо існавала ці не вякамі) — там, дзе бытавалі і бытуюць сталыя абрады і рамёствы. Думаю, што адзін з яскравых прыкладаў — Яблычны Спас у паселішчы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна. 

У ГОНАР ІВАНА СІКОРЫ 

На пачатку 1990-х вясковае яблычнае свята ў гонар Івана Сікоры пераўтварылася спярша ў раённае, потым— у абласное. Што называецца, пацэлілі ў яблычак. Цяпер мясцовыя работнікі культуры стараюцца надаць падзеі міжнародны статус. Памагай бог! У гэтым выпадку рост — заканамерны. Якасныя сельскія праекты, вобразна кажучы, — элітнае насенне для буйных фестывальных усходаў. 

Нагадаю, што Іван Сікора (1885—1966), селекцыянер-самавук і сябра Льва Талстога, вывеў звыш 500 гатункаў яблыкаў. Нарадзіўся ў Алашках. Мемарыяльны музей агранома створаны там у 1988 годзе. Адноўлена сядзіба, дзе даследчык жыў. А ёсць яшчэ шыкоўны сад гібрыдаў, закладзены Іванам Паўлавічам, — пладаносіць! Прыносіць плён— ідэі— і мясцовы аддзел культуры. 

Раю ад душы: прыязджайце ў Алашкі, пахадзіце па садзе, пагаварыце з вяскоўцамі, для якіх яблычны водар стаў часткай светаўспрымання. І ў вас абавязкова ўзнікнуць задумы, якія вы захочаце рэалізаваць! 

ЦІ Ж МЫ НЕ БУЛЬБАШЫ?! 

Паўтаруся: калі няма легенды, яе трэба стварыць. Здаецца, не будзе вялікай праблемы, калі ў Беларусі, скажам, арганізуюць дзясятак мядовых свят. Але толькі пры адной умове: усе яны павінны мець розныя канцэпцыі! 

У нас шмат фэстаў, падчас якіх ушаноўваюцца лён, бульба, хлеб, гуркі, клубніцы, грыбы… Але хто пра іх ведае? Усе яны лакальныя, нераскручаныя, а значыць — безаблічныя. Сорамна! У краіне, што праслаўлена гастранамічнай цягай да бульбы, сорамна не мець адпаведнага рэзананснага свята. Ды і помнік клубню не пашкодзіў бы. 

НЕ СХЕМА, А КАНЦЭПЦЫЯ 

Канцэпцыя шэрых вясковых фестываляў у поўнай адсутнасці канцэпцыі. Амаль усе будуюцца па наступнай схеме. Тэатралізаваны пачатак. Шанаванне землякоў, юбіляраў, самых старых і самых маладых. Канцэрт, конкурс. Мяняюцца хіба што песні і танцы ды змест спаборніцтва. 

Арыгінальная акцыя прадугледжвае арыгінальны сцэнарый. Цудоўна, што ў Адэльску асабліва паважаюць млынароў і ветракі. Канкурэнтаў у мерапрыемства — ніводнага. А чаму няма свята печніка ці лазаходца? Мне дзед распавядаў, што былі такія штукары, якія вандравалі па вёсках з лазовай рагулькай, грунтавую ваду адшуквалі. Дзе знаходзілі, там і будаваліся студні. Засталася памяць пра гэтых адмыслоўцаў? Мо пашукаць варта? 

У ТАПТУХУ НЕ ТРАПІЦЬ 

З дзяцінства не выпускаю з рук вуду. Ведаю, што фэстаў юшкі ў нас, як карасёў у возеры. Аднак схема акцыі прыблізна аднолькавая. А я (даруйце нахабства) хацеў бы вось чаго. Мне б падчас такіх мерапрыемстваў зірнуць на выставу вясковых рыбалоўных прылад: таптухі, жэрліцы, тэлевізара, брэдня, крыгі. Што з іх сёння забаронена, а чым карыстацца можна? Не пашкодзіла б і экспазіцыя чаўноў, пласкадонак на беразе возера ці ракі… Пагадзіцеся, агляд, а потым і выпрабаванне розных лодак значна ажывяць сцэнарый. А калі яшчэ падумаць? 

ПАЛІТОН ЧЭХАВА 

Скончу тым, з чаго пачаў. Доўга мы адшуквалі сімвал Антона Паўлавіча. Пенснэ і чайка падаваліся банальнымі. Перамог кніжнік Міша. Кажа: “Скураны палітон!” Мы адразу не ўцямілі. А Міша патлумачыў. У такой адзежыне пісьменнік, нягледзячы на сухоты, праехаў праз Сібір. Пра гэта, маўляў, яшчэ Васіль Шукшын пісаў у апавяданні “Пецька Красноў расказвае…”. І мы пагадзіліся. Сімвал чэхаўскай мужнасці вельмі дакладны. 

Так, брэнд прыдумаць ды адмысловую базу пад яго падвесці — вельмі цяжка. Але ж творчыя пакуты — для творцы норма жыцця. 

Поспехаў вам, шаноўныя работнікі культуры! 

Газета "Культура" №18 ад 6 мая.

Яўген РАГІН