“Арт-Мінск-2023”. Пачаткоўцы і класікі ў адной каляіне

Апублiкавана: 16 чэрвеня 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Афармленне выстаў у Палацы мастацтва становіцца больш салідным. З нядаўняга часу прозвішчы аўтараў пазначаюцца не толькі на маленькіх этыкетках, прачытаць якія можна адно нахіліўшыся, але і прыгожымі вялікімі літарамі на сцяне па-над працамі. Для мастакоў такая пашана зусім нялішняя. Асабліва калі ўлічыць, што львіная доля імёнаў удзельнікаў сёлетняга фэсту “Арт-Мінск” пакуль мала каму вядомая. 

ПРЫКЛАД ДЛЯ МАЛАДЫХ 

Не ведаю, колькі гадоў мае наймаладзейшы ўдзельнік сёлетняга “Арт-Мінска”, але падазраю, што гэта яшчэ студэнт, і такіх там нямала. Найстарэйшая, пэўна, Зоя Літвінава, якой у лістападзе споўніцца 85. Сапраўдны класік, жывы ва ўсіх сэнсах слова! Яе зусім свежыя творы ўражваюць эмацыйнай насычанасцю, трапнасцю ліній і колераў, той унутранай грунтоўнасцю, якая ўласцівая толькі чалавеку з вялікім духоўным досведам і пры гэтым незамуленым вокам. 

Не пакідае абыякавай і новая карціна яшчэ аднаго класіка — Валянціна Губарава. Немалады мужчына захоплена дэманструе жонцы краявід, які адкрываецца з гаўбца панэльнага дома: “Які цудоўны гэты свет, паглядзі!” Усё навокал да самага далягляду застаўлена такімі ж безасабовымі панэлькамі. І ніколі не вызначыш, чаго ў гэтым творы болей: сумнай іроніі або чуллівай эмпатыі. Урэшце, узнікае правакацыйнае пытанне: чаму людзям забаронена бачыць прыгажосць і веліч там, дзе па вызначэнні яе нібыта быць не павінна? 

Надоўга спыняешся і каля новых графічных аркушаў Валерыя Славука, які прапануе чарговую абойму персанажаў і сюжэтаў свайго ўласнага бестыярыя. Ён зусім не страшны, бо створаны з досціпам, з мудрай усмешкай. Гэтыя невялікія працы можна “разгадваць” да бясконцасці — або проста дзівіцца фантазіі майстра. 

Па ўсім відаць, што мэтры няспешна рушаць сваёй каляінай, праторанай дзесяцігоддзі таму. Іх не матляе з боку ў бок, але пры гэтым яны ўмудраюцца не паўтарацца. Без сумневу, добры прыклад для маладых суседзяў па выставе. Наогул, адгадаць узрост удзельніка фэсту па яго творы часцяком немагчыма: няма тых выразных прыкмет, якія вызначаюць генератыўную прыналежнасць. Моладзь не толькі не імкнецца сцвердзіцца за кошт адмаўлення сваіх настаўнікаў, але таксама і не ўступае ў канфрантацыю або хаця б нават палеміку з імі. 

Чаму? Думаю, прычына тут вельмі простая: няма ўнутранай патрэбы. Пачаткоўцы досыць утульна адчуваюць сябе ў той мастацкай прасторы, якую стварылі іх папярэднікі — часам, дарэчы, зусім не бесканфліктна. І, падобна, ані не саромеюцца вучнёўства. 

Магчыма, некаторыя з 240 імёнаў удзельнікаў фэсту былі так “прыўзнятыя” трохі авансам. Ды нічога страшнага тут няма – абы не наадварот. Хочацца верыць, гэта перспектыўныя інвестыцыі.

Так, наследаванні заўважаюцца неаднаразова. Падыходзіш да твора, зробленага ў даволі пазнавальнай эстэтыцы або тэматыцы, — але бачыш там іншы подпіс, які адрозніваецца ад чаканага. Хаця варта адзначыць, што да прамога эпігонства ці плагіяту справа не даходзіць. 

Зрэшты, са смелымі маніфестамі ўсё яшчэ складаней. Чыстае палатно пад назвай “Чыстае мастацтва” выглядае даволі дзіўна — калі ўлічыць, што сінанімічны (і ўжо даўно класічны) твор Джона Кейджа “4’33” з’явіўся ў 1952 годзе. А недзе чвэрць стагоддзя таму чэшскі мастак Іржы Суруўка памыў у тым самым палацы падлогу — менавіта каб зрабіць мастацтва чысцейшым. 

Відавочна, авангард даўно стаў такім самым культурным набыткам, як і класіка. І абое яны стварылі добрую глебу для суб’ектыўных аўтарскіх інтэрпрэтацый. У той ці іншай меры, гэтыя інгрэдыенты перамешваюцца ва ўсёй вялізнай прасторы палаца — часам неўсвядомлена для аўтараў. Толькі вось суб’ектыўнасці — кранальнай, іранічнай або яшчэ лепей амбівалентнай — мне акурат не хапае. Гэта калі казаць пра “сярэднюю тэмпературу па бальніцы”. 

ГУЛЬНІ З ПУБЛІКАЙ 

Вялікія фэсты звычайна прыцягваюць мноства гледачоў, таму цалкам заканамерным выглядае памкненне аўтара парушыць, так бы мовіць, чацвёртую сцяну ды зрабіць іх сутворцамі — або проста прапанаваць пагуляцца ў сваю гульню. Гэта і добры рэцэпт, як не згубіцца ў калейдаскопе, — і, вядома, прывабныя магчымасці самавыяўлення. 

Ды вось толькі карыстаюцца такім метадам пакуль не заўсёды ўдала. Цяжка назваць “новым словам” прапанову пасядзець у цішы ў чорным намёце пад назвай “Пакой роздуму”. Ды і электронная споведзь праз гугл-форму — ідэя такая сабе. Наколькі я разумею, спавядацца трэба камусьці — ці то Богу, калі ты ў Яго верыш, ці то непасрэдна чалавеку, якога ты пакрыўдзіў. 

Зрэшты, інтэрактыўны жанр ужо мае ў нас сваіх прыхільнікаў, і яны не расчароўваюць. Гэтым разам было прапанавана кожнаму ахвочаму праз капірку абвесці нейкі малюнак у глянцавым часопісе, пакінуўшы свой (?) след на выставе. І адначасова стаўшы часткаю сацыяльнага цела, якое тымі вобразамі з часопісаў шмат у чым і сілкуецца. Правакацыйнасць твора ў тым, што ён не змагаецца з гэткай дэіндывідуалізацыяй — як зазвычай прынята, — але ўспрымае яе як дадзенасць: “…поўная індывідуальнасць — гэта ілюзія. Чалавек набірае шэраг ідэнтыфікацый з гатовага спісу навакольнага свету”. 

ВЫХАД ЗА МЕЖЫ 

“Новым медыя” на сёлетнім “Арт-Мінску” прысвечана цэлая зала, і псеўданімы аўтараў там можна зблытаць з назвамі нейрасетак (як часам і творы). Аднак куды больш папулярным сродкам самавыяўлення сярод айчынных мастакоў па- ранейшаму застаецца стары добры жывапіс. У той жа час многія аўтары (прычым самых розных пакаленняў) шукаюць спосабы пашырыць яго рамкі — кожны па-свойму. 

Хтосьці ўпэўнена знаходзіць пазнавальны стыль, “выходзіць” з твора амаль у літаральным сэнсе слова — дакладней, гераіня карціны ў яе ўваходзіць, пакідаючы сляды не толькі на сцяне, але і на падлозе. Хтосьці наогул адмовіўся ад фарбаў ды абклеіў палатно восеньскім лісцем і сапраўднымі жалезнымі ключамі, якія, напэўна, нехта згубіў. Побач твор, што ў адным подыху ветру спалучае матывы традыцыйнай культуры з брутальнымі “тэгамі” графітчыкаў, поруч — мазаічны партрэт з накрывак ад фарбаў. 

Часам жывапісцы дзівяць неверагоднымі сюжэтамі, накшталт кахання вадалаза і русалкі на даху дзевяціпавярховіка, які жыве сваім мірным жыццём на марскім дне. Але часцей мастакоў вабіць фактура, і, прапускаючы ўбачанае праз сваю свядомасць, яны адкрываюць неспадзяваныя сэнсы там, дзе, здаецца, і шукаць няма чаго. Да прыкладу, жалезныя дзверы, што вядуць у нейкія электрашчытавыя недзе на задворках цывілізацыі. Навошта пераўтвараць іх у сюжэт для карціны (так, нават не фота)? Адказ — у прамым сэнсе слова — навідавоку. Тыя паверхні выяўляюцца выкшталцонымі абстрактнымі кампазіцыямі, створанымі як чалавечымі рукамі (першапачатковая фарба і накрэмзаныя паверх яе малюнкі), гэтак і прыроднай сілай энтрапіі (сям- там метал точыць іржа). У гэтым ненаўмысным палімпсесце творца знаходзіць нечаканае хараство, якім і дзеліцца з гледачом. 

АДВАРОТНЫЯ ПРЫКЛАДЫ 

Магчыма, нехта папракне сучасных мастакоў у тым, што яны абыходзяць увагай “вялікія тэмы”. Але ў фестывальнай экспазіцыі ёсць і адваротныя прыклады. Усевалад Швайба, які звычайна выкарыстоўвае сваю выкшталцоную тэхніку малявання і тонкую вобразнасць для стварэння міфалагічных або энігматычных сюжэтаў, гэтым разам звярнуўся да тэмы куды больш для нас зразумелай — Хатыні. Немаўляты, нібы спавітыя ў абвугленыя галавешкі, — гэта вобраз кранальны, лаканічны і, галоўнае, небанальны. 

Гледачы, якія чакаюць ад “Арт-Мінска” кроку наперад, немінуча расчаруюцца. Зрэшты, большасць удзельнікаў, падобна, такіх амбітных прэтэнзій не мае. Замест скарэння невядомых вышынь ім куды больш даспадобы прыемны шпацыр па звыклых ваколіцах. Што, у прынцыпе, таксама някепска. 

Ілья СВІРІН