Шпацыр на фоне Пушкіна

Гэтая ўстанова знаходзіцца на Пушкінскім праспекце, дзе ўсталяваны помнік вялікаму паэту. Яна таксама носіць імя літаратара. У рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” згаданая скарбніца заняла першае месца за навацыі ў галіне бібліятэчнай справы. І Пушкін тут таксама адыграў пэўную ролю.

Інакш кажучы, прывязка да аўтара “Яўгенія Анегіна” (цудоўны пераклад твора зрабіў наш Аркадзь Куляшоў!) — не выпадковы збег абставін, а прадвызначаная заканамернасць: класік двойчы пабываў у Магілёве. Задакументаваных успамінаў пра першы візіт няма. Яго паэт згадвае ў творах. Таму прастора для краязнаўчых даследаванняў — самая шырокая. І вы, напэўна, здагадаліся, што ўшанавана дзіцячая бібліятэка менавіта за краязнаўства і за новыя да яго падыходы. 

ЯК СЕМ КНІЖАК НАБЫЛІ ЭЛЕКТРОННЫ ФАРМАТ 

Першы раз Пушкін завітаў у Магілёў, калі ехаў з Пецярбурга ў Кішынёў на выселкі (1820). Прайшло чатыры гады, творца вяртаецца праз беларускі горад у Міхайлаўскае. Сведчанні таго захаваліся. Звесткі па крупінках збіраліся навукоўцамі, краязнаўцамі, бібліятэкарамі. (Да слова, аднаго з магілёўскіх краязнаўцаў завуць Ігар Пушкін. На жаль, не сваяк.) Усе гэтыя іпастасі без адрыву ад асноўнай працы сумясцілі работнікі кніжнай скарбніцы. Ініцыятар праекта — загадчык інфармацыйна-сэрвіснага сектара дзіцячай бібліятэкі імя Пушкіна Ірына Баранава. Вось як яна патлумачыла сутнасць навацый: 

— Мы, бібліятэкары, займаемся краязнаўствам даўно. Падрыхтавалі сем кніг, шэсць з іх зрабілі “самвыдам”. Адна, пра абарону горада падчас Вялікай Айчыннай вайны, пабачыла свет пры дапамозе спонсара. Серыя згаданых кніг, натуральна, звернута да юнага чытача. А навацыя ў тым, што выданні гэтыя мы перавялі ў электронны фармат. Дзеці цудоўна арыентуюцца ў Сеціве, наша праца надзвычай запатрабаваная… 

ГУЛЬНЯ? НАВУЧАННЕ! 

Калі казаць дакладна, дык і гульня, і навучанне. Электронная краязнаўчая база, як сцвярджае Ірына Леанідаўна, мае не толькі сталыя раздзелы, але і часткі, прысвечаныя гульням. Кожны квэст навучальны. Кожны выключна цікавы, бо падрыхтаваны неабыякавымі спецыялістамі. 

Магілёўскай дзіцячай бібліятэцы — 75 гадоў. Яна адна з найстарэйшых у краіне. 

Першая гульня насычана пытаннямі па гісторыі Магілёва. Чаму Стэфан Баторый даў гораду магдэбургскае права? Дзе знаходзіўся імператарскі замак? Чаму аблвыканкамаўскі будынак падобны на мінскі Дом урада? Дзе ў Магілёве знаходзяцца Брадвей і Арбат? Ці існавала магіла льва? Адказы маюць варыянты. А сам праект не толькі доўгатэрміновы. Ён — бясконцы, бо пастаянна ўдасканальваецца і дапаўняецца новымі звесткамі. 

Хтосьці скажа: “Роля бібліятэкараў у развіцці краязнаўчай справы зразумелая. А што пры гэтым робяць дзеці?” Пасіўнымі сузіральнікамі іх ніяк не назавеш. Яны — актыўныя ўдзельнікі літаральна ўсіх бібліятэчных мерапрыемстваў. Гэта дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам добра арыентавацца ў школьнай дысцыпліне “Мая Радзіма — Беларусь”. Менавіта юныя чытачы стварылі лялечны тэатр ценяў — незвычайнасцю такога яшчэ нашы продкі захапляліся. Тое сёння. Што чакае гасцей заўтра, ведаюць толькі бібліятэкары, якія выбудоўваюць гнуткую праектную палітыку. Яе асноўны прынцып — каб усім было цікава. 

Я Ў ГЭТЫМ ГОРАДЗЕ ЖЫВУ 

Другі квэст запрашае на віртуальны шпацыр па Магілёве. Згадаю спачатку сваю “аналагавую” прагулку. Шукаю Магілёўскі райвыканкам. Нейкая жвавая кабета аж спыняецца: “Навошта вам той райвыканкам! Вось дом, дзе жыў Бора Маісееў!” Ну дык яна мяне ані не здзівіла. У Магілёве процьма больш захапляльных знакамітасцей. 

Падчас бібліятэчнага “электроннага” шпацыру можна пабачыць дом, дзе нарадзіўся, скажам, Ота Шміт — савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном, арганізатар кнігавыдання і рэформы сістэмы адукацыі, даследчык Паміра і Поўначы, цікавы, нестандартны і вельмі ўплывовы чалавек. У 1930-х гадах магілёўцы маглі стаць шмітаўцамі. Слава палярнікаў-чалюскінцаў была тады неймавернай. Прапанову паэта Андрэя Александровіча перайменаваць горад жыхары падтрымалі. На вярхах пачын спынілі, бо прозвішча ў знакамітага земляка занадта ўжо нямецкае. Абласны цэнтр застаўся Магілёвам. І гэта толькі адна старонка слаўнай гарадской гісторыі… 

ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ 

Згадваю сваё дзяцінства. Перыядычных выданняў для юных чытачоў было больш чым дастаткова: газеты саюзныя і рэспубліканскія, ці не з дзясятак часопісаў. Сёння, мякка кажучы, сітуацыя крыху іншая. Так што супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі робяць у Магілёве выключна важную справу. Праект развіваецца і застаецца адным з самых запатрабаваных сярод карыстальнікаў. 

Яўген РАГІН 

На фота: юныя чытачы і краязнаўцы з Магілёва