Здзейсненае застанецца!

Апублiкавана: 26 студзеня 2023 Стужка Архітэктура Мінск Соцыум

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Пачатак новага года — час будаваць планы. А каб яны ажыццявіліся, не залішне падсумаваць тое, што зроблена ў 2022-м. Бо толькі абапіраючыся на мінулае, можна ствараць будучыню. Ці не гэтаму нас вучыў Год гістарычнай памяці? 

“К”УЛЬТУРНЫ АДПАЧЫНАК, АБО “СУБОТНІКІ З «К»” 

Скажам не саромеючыся: для нас папярэдні год аказаўся надзвычай плённы, багаты на гістарычныя адкрыцці і нават на невялічкія сенсацыі. Было ў ім шмат падзей, якія спадабаліся аматарам актыўнага культурнага адпачынку. Згадаем шматлікія суботнікі ў гістарычных мясцінах, якія прайшлі з натхнення і пры непасрэдным удзеле журналістаў “К”. 

Да Бохвіцаў у Дарава, да Рэйтанаў у Ляхавічы. Адзін з першых вясновых выездаў меў двайную мэту. Спярша адбылася талака на могілках у Дараве (Баранавіччына), дзе разам з сям’ёй вечным сном спачывае беларускі філосаф ХІХ стагоддзя Фларыян Бохвіц. Потым мы адправіліся ў суседні раён. Там, на ляхавіцкіх гарадскіх могілках, з 1796 года аддавалі зямлі прадстаўнікоў роду Рэйтанаў ды, магчыма, быў перапахаваны і самы знакаміты з гэтых шляхцічаў — Тадэвуш. 

Да Манюшкаў у Радкоўшчыну (Смалявіцкі раён). Вёска і маёнтак Манюшкаў былі знішчаны ў 1944 годзе. І пра тое, што на пагорку пад старой лістоўніцай калісьці стаяла прыгожая драўляная сядзібка, сёння ведаюць нямногія. А вось у ХІХ стагоддзі назва Радкоўшчыны грымела далёка за межамі Беларусі. На сельскіх могілках засталіся падмуркі капліцы, у якой пахаваныя бацькі кампазітара Станіслава Манюшкі. І, падаецца, адзіныя, каму ёсць да гэтага месца справа, — супрацоўнікі “Культуры” (гл. “К” №20, 2022). 

Да Дамейкі ў Мядзвядку (Карэліцкі раён). Сядзіба, дзе нарадзіўся вядомы беларус Ігнат Дамейка, геолаг, этнограф і асветнік, даўно магла б стаць візітоўкай раёна. Вядома, калі б нарэшце было прынята рашэнне на руінах спаленага ў часы Першай сусветнай вайны маёнтка аднавіць сціплы палацык. У дзень рэспубліканскай акцыі “Пасадзі дрэва” падмуркі дома былі расчышчаны ад кустоўя, таксама ў Мядзвядцы з’явіўся дубок Ігната Дамейкі і яшчэ некалькі дрэўцаў у гонар найбліжэйшых сяброў навукоўцы з філамацкага кола (гл. “К” №18, 2022). 

У Радагошчу да Адама Міцкевіча. Радагошча — гэта і вёска, і старажытнае гарадзішча ў самым сэрцы Навагрудскага раёна. Ад мястэчка да Свіцязі рукой падаць. А яшчэ гэта маёнтак Чомбраў, спалены ў часы вайны. Звязаны ён не толькі з вядомым паэтам. Важную старонку ў летапіс Чомбрава дадалі і сваякі мастака Генрыха Семірадскага. Сёння гарадзішча шчыльна парасло кустоўем, а калісьці станавілася пляцоўкай для розных свят і нават для першага рэспубліканскага “Купалля”. Нашу ініцыятыву аб правядзенні суботніка падтрымала кіраўніцтва Навагрудскага раёна. Талака адбылася, але патрэбен працяг. І вясной мы абавязкова вернемся ў Радагошчу (гл. “К” № 25, 2022). 

У Сёмкава да Хмараў. Маёнтак апошняга мінскага ваяводы часоў Вялікага Княства Літоўскага Адама Хмары амаль пад самым бокам сталіцы, як кажуць, на слыху. Не першы год сядзібу даглядае мясцовая грамада, што прыбірае тэрыторыю, ладзіць культурныя мерапрыемствы і прыцягвае ўвагу людзей да таго сумнага стану, у якім апынулася колішняя магнацкая рэзідэнцыя. У Сёмкаве век назад працавалі нашы класікі Якуб Колас і Янка Купала — месца з гісторыяй! Але ў татальным занядбанні. Таму мы вырашылі далучыцца да ратавання не толькі друкаваным словам, але і справай. Спярша адбыўся суботнік, а за ім і Першы Пленэр у Сёмкаве. У імпрэзе, акрамя некалькіх мастакоў-аматараў, браў удзел прафесійны жывапісец Алесь Родзін. На вялікі жаль, для майстра пленэр стаў апошнім. Даўняга сябра “К” не стала 19 снежня 2022-га. І гэта страта незаменная… (Гл. “К” №38, 2022.) Агулам жа было праведзена 12 суботнікаў, якія ахапілі тры рэгіёны: Міншчыну, Гродзеншчыну і Брэстчыну. 

АПОШНІ РАЗВАРОТ — “ГІСТАРЫЁГРАФ”

Нашы сталыя чытачы ведаюць, што на апошніх старонках “К” можна знайсці эксклюзіўныя матэрыялы, прысвечаныя вядомым і забытым дзеячам культуры Беларусі. Часцяком тэксты багатыя на сенсацыі і прывабныя ідэі. Напрыклад, як гэта было ў артыкулах… 

Генрых Семірадскі, або Час перапісаць гісторыю. Публікацыя пра сусветна вядомага мастака, продкі якога стагоддзямі жылі на Наваградчыне і Міншчыне. І хоць сам ён нарадзіўся на ўкраінскай зямлі, дзе стаяў полк бацькі, сувязь з радзімай мастак не парываў. Мы разбурылі міф паходжання Семірадскіх з Польшчы (з сяла Семірадз). А заадно высветлілі, што іх прозвішча раней было Сяміградскія-Рамашкевічы. Семірадскімі шляхцічы сталі ў 1730—1740-х гадах (гл. “К” № 35, 2022). 

Таямніцы Юзафа Казлоўскага. У артыкуле, прысвечаным славутаму кампазітару XVIII—ХІХ стагоддзяў, былі выпраўлены некаторыя памылкі ў жыццярысе творцы, а таксама прыведзена гіпотэза аб паходжанні з Клеччыны продкаў музыканта (гл. “К” № 38, 2022). 

Асветнік і гуманіст з роду Манюшкаў. Як вядома, Дамінік Манюшка, дзядзька кампазітара, быў чалавекам перадавых поглядаў. Дэмабілізаваўшыся з войска і асеўшы ў Радкоўшчыне, Дамінік наважыўся на эксперымент, які на пачатку ХІХ стагоддзя выглядаў вар’яцтвам, — вызваленне сялян ад прыгону і адкрыццё для іх дзяцей школ (!). Эксперымент удаўся і меў гучны розгалас. На жаль, у наш час імя годнага чалавека амаль забытае, а на прыкасцельных могілках на Залатой Горцы, дзе Дамінік Манюшка быў пахаваны, няма ніякага памятнага знака і дагэтуль (гл. “К” №39, 2022). 

Вялікая перэгрынацыя Парацэльса. Імя сярэднявечнага лекара, які здзейсніў рэвалюцыю ў галіне медыцыны, у нас сёння малавядомае. Але пры належным падыходзе турыстычны маршрут “Шлях Парацэльса” мог бы стаць вельмі запатрабаваным. Справа ў тым, што на пачатку 1520-х Парацэльс у пошуках новых ведаў завітаў у Вялікае Княства Літоўскае, у Вільні паспеў паўдзельнічаць у дыспутах з Францішкам Скарынам (і быў пераможаны), а потым адправіўся далей на ўсход, у Смаленск. Дарога лекара туды магла пралягаць праз гарады Паўночнай або Цэнтральнай Беларусі (гл. “К” №45, 2022). 

Ануфрый Петрашкевіч — руплівец нашай спадчыны. Гэтая публікацыя закрывае шматлікія белыя плямы ў жыцці паэта і архівіста з таварыства філаматаў. Творца, дарэчы, нарадзіўся на Баранавіччыне, а не на Шчучыншчыне, як сцвярджалі некаторыя. Дзякуючы намаганням Ануфрыя, а потым і высілкам яго сваякоў, быў захаваны неверагодна багаты архіў, дзе, акрамя вершаў і лістоў, знаходзілася ўся дакументацыя (пратаколы пасяджэнняў, маніфесты і г. д.) (гл. “К” №42, 2022). 

Таямніцы Багрымаў, або Па тонкім лёдзе загадак. У гэтым матэрыяле, зважаючы на новыя і старыя архіўныя крыніцы, мы распавялі пра лёс крошынскага каваля Паўла Багрыма, што лічыцца аўтарам аднаго з першых беларускамоўных вершаў “Зайграй, зайграй хлопча малы…”. А таксама падзяліліся гіпотэзай пра паходжанне Багрымаў, паводле якой у Крошын прадстаўнікі роду прыйшлі каля 1812 года з Новай Мышы і раней іх прозвішча пісалася “Бутрым” (гл. “К”, №47, 2022). 

Паштовы раман Анарэ дэ Бальзака, або Што яднае французскага пісьменніка з Беларуссю. Імя славутага літаратара ў нашай краіне на слыху, а вось пра тое, што палову жыцця творца дабіваўся рукі ўнучкі Тадэвуша Рэйтана Эвеліны Ганскай (і дасягнуў мэты) ды ледзь не стаў мужам дваюраднай сястры Станіслава Манюшкі, ведаюць адзінкі. Сярод абазнаных — нашы чытачы! (Гл. “К” №50, 2022.) 

Войт асады альбанскай, або У Беларусь вярнулася страчаная опера Мацея Радзівіла. Завяршае спіс публікацыя, якая раскрыла таямніцы оперы Мацея Радзівіла, пастаўленай у Нясвіжы на імянінах Пане Каханку ў 1785 годзе. Прычым ролі выканалі Радзівілы і сваякі роду (гл. “К” №51, 2022). 

Працяг будзе не менш цікавы! 

Зміцер ЮРКЕВІЧ